На мінулым тыдні паміж гэтымі дзьвюма дзяржавамі Паўднёва-Ўсходняй Азіі ўспыхнуў узброены канфлікт праз памежныя спрэчкі, войскі абедзьвюх краін выкарыстоўвалі бранятэхніку, сыстэмы залпавага агню і авіяцыю, вядома пра дзясяткі забітых.
Прэм’ер-міністар Малайзіі Анвар Ібрагім абвясьціў, што Тайлянд і Камбоджа падпішуць безумоўнае спыненьне агню, якое пачынаецца з поўначы панядзелка, піша AFP.
«Камбоджа і Тайлянд дасягнулі агульнай дамоўленасьці аб наступным: па-першае, неадкладнае і безумоўнае спыненьне агню, якое ўступае ў сілу з 24 гадзін мясцовага часу, поўначы 28 ліпеня 2025 году, сёньня ўвечары», — сказаў Анвар пасьля перамоваў у Малайзіі.
Нягледзячы на перамовы, у панядзелак баявыя дзеяньні яшчэ працягваліся — пяты дзень запар.
На сустрэчы, арганізаванай пры пасярэдніцтве Малайзіі, прысутнічалі таксама амбасадары Злучаных Штатаў і Кітаю. Перамовы прайшлі ў рэзыдэнцыі малайзійскага прэмʼера з удзелам кіраўнікоў урадаў Тайлянду і Камбоджы.
Як паведаміў прэмʼер-міністар Камбоджы Гун Манэт, мэта перамоваў — «дасягненьне неадкладнага спыненьня агню». Ён дадаў, што сустрэчу ініцыяваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які на выходных размаўляў па тэлефоне зь лідэрамі абедзьвюх краін.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на выходных патэлефанаваў абодвум лідэрам, заклікаючы іх урэгуляваць свае рознагалосьсі, папярэдзіўшы, што не заключыць з імі гандлёвыя пагадненьні, пакуль яны не спыняць баявыя дзеяньні.
Выканаўца абавязкаў прэмʼера Тайлянду Пхумтхам Вэчаячай перад пачаткам перамоваў заявіў аб імкненьні да міру, але выказаў сумнеў у «шчырасьці» намераў Камбоджы.
Абедзьве краіны абвінавачваюць адна адну ў эскаляцыі канфлікту, які разгарэўся 24 ліпеня.
Канфлікт паміж Тайляндам і Камбоджай за памежныя тэрыторыі і разьмешчаныя на іх сьвятыя для будыстаў храмы ідзе ўжо даўжэй за сто гадоў і прывёў да больш чым 10 войнаў толькі ў XX–XXI стагодзьдзях.
Форум