ЗША і Ізраіль адрэагавалі на плян Францыі прызнаць палестынскую дзяржаву

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу ў Белым доме. Вашынгтон, 7 красавіка 2025 году

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што Парыж прызнáе палестынскую дзяржаву на Генэральнай Асамблеі ААН у верасьні.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Злучаныя Штаты рашуча адхіляюць плян прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона афіцыйна прызнаць дзяржаву Палестына на Генэральнай Асамблеі ААН у верасьні.

«Злучаныя Штаты рашуча адхіляюць плян Макрона прызнаць дзяржаву Палестына на Генэральнай Асамблеі ААН. Гэтае неабдуманае рашэньне служыць толькі прапагандзе ХАМАС і шкодзіць міру. Гэта поўха ахвярам 7 кастрычніка», — напісаў ён у сацыяльных сетках.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што «рашуча асуджае рашэньне прэзыдэнта Макрона прызнаць палестынскую дзяржаву побач з Тэль-Авівам пасьля разаніны 7 кастрычніка».

У заяве, апублікаванай яго офісам, Нэтаньягу заявіў, што «такі крок заахвочвае тэрор і нясе рызыку стварэньня яшчэ аднаго іранскага проксі, як гэта адбылося ў Газе».

«Палестынская дзяржава ў гэтых умовах будзе стартавай пляцоўкай для зьнішчэньня Ізраілю, а не для мірнага суіснаваньня поруч. Давайце скажам ясна: палестынцы ня хочуць дзяржавы побач з Ізраілем; яны хочуць дзяржавы замест Ізраілю», — сьцьвердзіў Нэтаньягу.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што Парыж прызнáе палестынскую дзяржаву на Генэральнай Асамблеі ААН у верасьні. Макрон сказаў, што гэтае рашэньне дапаможа дасягнуць мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на Блізкім Усходзе.

«Неабходныя неадкладнае спыненьне агню, вызваленьне ўсіх закладнікаў і маштабная гуманітарная дапамога насельніцтву Газы. Трэба таксама забясьпечыць дэмілітарызацыю ХАМАС, бясьпеку і аднаўленьне Газы. Нарэшце, неабходна пабудаваць Дзяржаву Палестыну, забясьпечыць яе жыцьцяздольнасьць і зрабіць так, каб, пагадзіўшыся на дэмілітарызацыю і цалкам прызнаўшы Ізраіль, яна ўнесла свой уклад у бясьпеку ўсіх на Блізкім Усходзе. Альтэрнатывы няма», — напісаў прэзыдэнт Францыі ў сацыяльнай сетцы X.

Такім чынам, Францыя можа стаць першай буйной заходняй дзяржавай, якая прызнае ня толькі права палестынцаў на дзяржаўнасьць, але і дэ-юрэ палестынскую дзяржаву.

Незалежнасьць Дзяржавы Палестына ў цяперашні час прызнаюць каля 150 з 193 дзяржаваў — чальцоў ААН. ЗША і Ізраіль адмаўляюцца прызнаваць яе цяпер. Згодна з рэзалюцыямі ААН, тэрыторыя дзяржавы павінна складацца з Заходняга берагу ракі Ярдан, сэктару Газа і Ўсходняга Ерусаліму, але Ізраіль ня згодны з такімі межамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: Перамір’е паміж Іранам і Ізраілем уступіла ў сілу
  • 7 кастрычніка 2023 году баевікі ХАМАС уварваліся на тэрыторыю Ізраілю, забіўшы каля 1200 чалавек і ўзяўшы больш за 250 закладнікаў.
  • У адказ Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю ў сэктары Газа, заявіўшы, што яе мэта — вызваліць закладнікаў і зьліквідаваць ХАМАС.
  • Паводле Міністэрства аховы здароўя Газы, падкантрольнага ХАМАС, у выніку ізраільскіх нападаў у гэтым сэктары загінулі больш за 50 000 чалавек. Незалежнага пацьверджаньня гэтым лічбам няма, гэтая статыстыка не падзяляе ўзброеных і цывільных асобаў.
  • У чэрвені прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас публічна асудзіў напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Раней ён заклікаў ХАМАС вызваліць закладнікаў, але ўстрымаўся ад беспасярэднага асуджэньня нападу 7 кастрычніка.
  • Кіраўніцтва Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі адмовілася ад падтрымкі тэрарызму як інструмэнту барацьбы за стварэньне арабскай дзяржавы ў Палестыне, але адміністрацыя рэдка асуджае дзеяньні тэрарыстычных груповак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армія абароны Ізраілю прызнала памылку ў часе ўдару, ахвярамі якога сталі 10 мірных грамадзян
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў аб згодзе Ізраілю на ўмовы 60-дзённага спыненьня агню ў Газе

Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.