Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што асвойвае досьвед ірана-ізраільскага канфлікту

Ілюстрацыйнае фота

У новыя вучэньні залучылі тры дзясяткі раёнаў.

Міністэрства абароны Беларусі праводзіць тактычныя вучэньні з 8-й радыётэхнічнай брыгадай.

Як паведамілі ў прэс-службе міністэрства, войскі будуць практыкавацца ў выяўленьні цэляў умоўнага суперніка ў паветранай прасторы.

Вайскоўцы таксама трэнуюцца ў зладжанасьці своечасовай перадачы зьвестак падразьдзелам зэнітных ракетных войскаў і авіяцыі. Адмысловая ўвага нададзена змаганьню зь бесьпілётнікамі і дывэрсійна-выведнымі групамі.

Паводле начальніка радыётэхнічных войскаў (РТВ) палкоўніка Аляксандра Вараб’ёва, у вучэньнях зважаюць на досьвед канфлікту Ізраілю і Ірану.

«У рэжыме рэальнага часу засвойваюцца новыя тактычныя прыёмы, накіраваныя на павышэньне баявых магчымасьцяў, у тым ліку манэўранасьці і жывучасьці падразьдзелаў РТВ ва ўмовах магчымага ўзьдзеяньня высокадакладнай зброі і бесьпілётнай авіяцыі.

Навучальныя пытаньні сплянаваныя такім чынам, каб баявыя разьлікі зь перавышэньнем нарматыўнага часу разгортваньня і згортваньня зьдзейсьнілі марш у прызначаныя раёны і як найхутчэй былі гатовыя да баявога ўжываньня».

  • У чэрвені Ізраіль 12 дзён наносіў авіяўдары па ядзерных і вайсковых аб’ектах Ірану, у першы дзень апэрацыі ізраільскія спэцслужбы на тэрыторыі Ірану атакавалі сыстэмы СПА, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, чым палегчылі задачы сваёй авіяцыі.
  • Нават зьяўляліся паведамленьні пра нібыта зьнішчэньне ядзернай праграмы Ірану.
  • Тэгеран адказваў Ізраілю ракетнымі ўдарамі, а таксама запускам бесьпілётнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік Генштабу Беларусі заявіў, што сцэнар вучэньняў «Захад-2025» могуць ізноў памяняць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Іран і Ізраіль былі найлепшымі сябрамі. Архіўныя фота