Дапаможніку прысьвечаны адмысловы сайт.
Праца над дапаможнікам пачалася амаль два гады таму. Кніга адказвае на актуальныя пытаньні арганізацыі мірных сходаў за мяжой і ўдзелу ў іх.
Юрыстка, спэцыяліст у правах чалавека Сьвятлана Галаўнёва расказала, як прыйшла ідэя зрабіць такі дапаможнік.
«Цяпер шмат беларусаў і беларусак жывуць у эміграцыі, то хутчэй за ўсё ёсьць вялікая патрэба неяк арганізоўвацца і рабіць супольныя акцыі. Але, мабыць, не заўсёды зразумела, як іх рабіць, і гэта можа абмяжоўваць людзей, бо людзі часта ня ведаюць добра мовы краіны сваёй эміграцыі, мясцовага заканадаўства. І можа быць так, што ты ня ўпэўнены, ці ўсё правільна робіш. Гэта вялікая перапона для рэалізацыі свайго права зьбірацца, выказвацца і быць разам зь беларускай супольнасьцю.
Мы вырашылі паспрабаваць дапамагчы ў гэтым: вывучыць усё рэгуляваньне, разабрацца ў практыцы і расказаць, як ладзіць мірныя сходы, каб такая магчымасьць была ня толькі ў вялікіх арганізацыяў, дасьведчаных у такіх справах, а ў кожнага і ў кожнай, хто захоча зрабіць сваю невялічкую акцыю, датычную тэмы беларускасьці ці недатычную».
У першым выпуску дапаможніку пакуль тры краіны — Грузія, Польшча і Літва, куды пасьля падзеяў 2020 году адбылася найбольшая міграцыя беларусаў. Надалей праваабаронцы плянуюць пашыраць пералік краін. Мяркуюць, што наступнай краінай, досьведам якой падзеляцца валянтэры «Вясны», можа быць Латвія.
«Для некаторых краін даводзіцца вывучаць рэгуляваньне ў кожным асобным горадзе. Напрыклад, у Літве мы ахапілі ўсе буйныя гарады, і гэта была велізарная праца — разабрацца ўва ўсім. А яшчэ заканадаўства ў эўрапейскіх краінах бывае ня самае простае, ня самае празрыстае», — адзначае юрыстка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грузію можна параўнаць зь Беларусьсю 1994-1995 гадоў». Праваабаронца пра тое, ці бясьпечна беларусам у ГрузііАле Сьвятлана Галаўнёва заўважае, што пры складанасьці заканадаўства ў эўрапейскіх краінах большасьць пытаньняў арганізацыі сходаў на практыцы вырашаецца прасьцей, чым у Беларусі.
У пытаньні мірных сходаў у Польшчы праваабаронцы шмат узаемадзейнічалі з партнэрскай арганізацыяй Amnesty International Polska, і ў тым ліку зь яе прадстаўніцай Яаннай Расткоўскай.
«Чытайце наш дапаможнік, мы вывучалі ўсе нюансы арганізацыі розных сходаў — і на невялікую колькасьць чалавек, і на вялікую, і спантанных, і заплянаваных. Звычайна для такіх сходаў, як маршы, дзе калёна рухаецца ці нават можа выходзіць на праезную частку, больш жорсткае рэгуляваньне — трэба ўзгадняць такія задумы.
Мы вырашылі не спыняцца толькі на найпрасьцейшых варыянтах арганізацыі сходу ў кожнай з краін (напрыклад, у Польшчы гэта быў бы спантанны сход, а ў Літве — сход невялікай колькасьці людзей). Трэба было глыбей разабрацца — як арганізаваць больш складаны сход большай колькасьці людзей», — адзначыла праўніца «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская дыяспара Баўгарыі прапанавала назваць імем Алеся Пушкіна алею