Пэнсіянэрку з Гомля засудзілі за абразу Лукашэнкі
Сафію Бачурынскую асудзілі да зьняволеньня ў калёніі па чатырох палітычных артыкулах і залічылі ў «экстрэмісты», піша «Наша Ніва». Ёй пагражала да шасьці гадоў турмы, дакладны вырак невядомы.
Сафіі Бачурынскай з Гомля 70 гадоў. Апошнія гады яна займалася сеткавым маркетынгам. Яна жыве актыўным жыцьцём, любіць падарожжы і за апошнія гады пабывала ў некалькіх краінах Эўразьвязу і Ўкраіне. Яшчэ адно хобі жанчыны — маляваньне.
Бачурынскую затрымалі ў сьнежні 2024 году. А ў 2025-м асудзілі па чатырох артыкулах — «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «ўваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Ёй пагражала да шасьці гадоў калёніі.
Сутнасьць абвінавачаньняў невядомая, але выглядае, што справа ў камэнтарах у тэлеграме. Старонка жанчыны не была абароненай, а была цалкам адкрытай, таму сілавікам было нескладана яе выкрыць.
Сафіі Бачурынскай прысудзілі пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Прысуд уступіў у сілу. Сёньня яе дадалі ў сьпіс «экстрэмістаў» МУС.
Бачурынская цяпер — самая ўзроставая палітзьняволеная сярод жанчын за кратамі. Раней ёй была Ірына Мельхер, асуджаная ў «справе Аўтуховіча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы налічылі 219 палітвязьняў у сытуацыі асаблівай рызыкі, якіх трэба тэрмінова вызваліць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ў шоку і моцна перапалоханыя». Міліцыя выявіла «экстрэмістаў» сярод глуханямых