Супрацоўнікі Мазавецкай мытна-падатковай службы (МТПЗ) пры надглядзе трох грузавікоў, якія рухаліся ў Польшчу з Расеі праз Латвію і Літву, знайшлі на дне кардонных каробак з цыбуляй і бураком беларускія цыгарэты без акцызных марак, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Як паведамляе Нацыянальнае падатковае ўпраўленьне Польшчы, надгляд праводзіўся 14-16 ліпеня ў мытным аддзяленьні ў горадзе Груец (Мазавецкае ваяводзтва, цэнтар — Варшава).
Адзначаецца, кіроўцы — грамадзяне Беларусі і Літвы — дапытаны ў якасьці сьведак. Яны заявілі, што ня ведалі аб перавозцы кантрабанды.
Канфіскавана 5 млн цыгарэт. Падкрэсьліваецца, што калі б тавар трапіў на рынак, дзяржбюджэт Польшчы страціў бы амаль 7,5 млн злотых (каля 2 млн даляраў па бягучым курсе).
Разьбіральніцтва праводзіць МТПЗ пад наглядам Груецкай пракуратуры.
- 18 ліпеня Палата падатковага адміністраваньня Беластока паведаміла, што супрацоўнікі польскай мытна-падатковай службы пры праверцы на мяжы Польшчы і Літвы знайшлі амаль 83 тыс. пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт у аўтафургоне польскай кур’ерскай кампаніі, за рулём якога быў 30-гадовы грамадзянін Украіны. Паводле ацэнкі ведамства, кошт кантрабанднага грузу — больш за 1,4 млн злотых (звыш 380 тыс. долараў па актуальным на той момант курсе Нацбанка Польшчы).
- 20 чэрвеня ў Нідзіцкім павеце (паўночна-ўсходняя частка Польшчы) паліцыя знайшла 190 тыс. беларускіх цыгарэт (9,5 тыс. пачкаў) у спыненым для праверкі легкавым аўтамабілі «Таёта». Ацэначны кошт — больш за 166 тыс. злотых (44,6 тыс. даляраў).
- 19 чэрвеня паведамлялася, што ў Сувалках, недалёка ад мяжы Польшчы з Беларусьсю і Літвой, спынена кантрабанда 10 тон сушанага курыльнага тытуню без польскіх акцызных марак. Вытворца не называўся; кошт канфіскаванага тавару ацанілі прыкладна ў 9 млн злотых (больш за 2,4 млн долараў). За рулём транспартнага сродку, які перавозіў нелегальны тавар, быў грамадзянін Беларусі.