«Убачыў указальнік „Ашмяны — Вільня“ і усё зразумеў». Палітвязень Дзьмітры Міхайлаў — пра тое, як вывозілі з краіны вызваленых 21 чэрвеня

Памежны пераход Каменны Лог на мяжы Беларусі і Літвы. Ілюстрацыйнае фота

«Я зразумеў, што гэта Менск, толькі з адной простай прычыны: у 2021 годзе я жыў у доме за 200 мэтраў ад будынка КДБ. І я пазнаў: гэтыя чайкі бясконцыя, гэтыя альбатросы крычаць, і каталіцкі сабор…».

Былы палітзьняволены Дзьмітры Міхайлаў, якога вызвалілі 21 чэрвеня разам з 13 іншымі палітвязьнямі па выніках сустрэчы пасланьніка прэзыдэнта ЗША з Лукашэнкам, у вялікім інтэрвію распавёў Свабодзе пра тое, як вязьняў вывозілі з краіны.

Дзьмітры Міхайлаў, грамадзянін Латвіі, правёў у беларускай турме тры з паловай гады за свае выказваньні ў закрытым чаце ў адным з мэсэнджэраў. Яго пакаралі 4 гадамі калёніі за «абразу Лукашэнкі», «заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі» і «распальваньне варажнечы». Свой тэрмін ён адбываў у папраўчай калёніі нумар 3.

— Надзелі нейкі мех на галаву, кінулі ў машыну — не рухацца, нікуды не глядзець, галавой не варушыць. І ўсё гэта цягнулася шэсьць гадзін. Чатыры гадзіны дарогі і яшчэ дзьве гадзіны мы проста сядзелі. Я зразумеў, што гэта Менск, толькі з адной простай прычыны: у 2021 годзе я жыў за 200 мэтраў ад будынка КДБ, у доме. І я пазнаў: гэтыя чайкі бясконцыя, гэтыя альбатросы крычаць, і каталіцкі сабор… І я зразумеў, што мы ў Менску.

У нейкі момант я зразумеў, што мы ў СІЗА КДБ.

Гэта быў вечар пятніцы, 20 чэрвеня. Калі мы сабраліся ў камэры, адзін хлопец сказаў: «Не, мужыкі, нас разьвязуць назад па калёніях, бо са мной такое ўжо было ў студзені».

А ў мяне ўжо за тры гады ў калёніі інтуіцыя сфармавалася. Я адчуў — пахне воляй, рэальна. На вячэру нам далі — ёсьць такое слова ў зоне — «вальнячы» хлеб: не той, што ў турме пякуць, а з волі, куплены ў краме. Дык вось, далі нармальнага хлеба, селядца столькі, колькі хочаш, бульбы — «ешце, колькі хочаце».

Раніцай зварылі надзвычай смачную рысавую кашу — з цукрам, на малацэ. Тая ж гісторыя: елі колькі хацелі. І прынесьлі чабату — дзесьці купілі на праспэкце, мабыць. Я кажу паляку Ежы — а ў яго ўжо вочы запалыя, чорныя зусім: «Ежы, не, я веру, нас адпусьцяць, нас перададуць, нешта добрае насьпявае, дакладна».

А потым нам зноў надзелі нешта на галаву — цяпер ужо не мяхі, а нейкія больш цывілізаваныя шапкі — і павезьлі. Я гляджу — праз тканіну сьвятло прабіваецца — павезьлі ўжо па Прытыцкага: ясна, выезд на Горадню. А калі павярнулі і быў указальнік «Ашмяны — Вільня», я ўсё зразумеў. Я пачаў лічыць, проста сядзеў і лічыў: раз, два, тры…

Ну і калі адчынілася дзеверы, і калі спадар Коул [Джон Коўл, адмысловы пасланьнік прэзыдэнта ЗША] сказаў: «Я прадстаўнік ураду ЗША. Мы вас забіраем. Вы будзеце свабодныя», — сьлёзы ўсё роўна пайшлі. Няхай не патокам, але вочы сталі мокрыя.

Цалкам інтэрвію зь Дзмітрыем Міхайлавым глядзіце тут:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Адчуваньне з 2020 году я праз турму пранёс, яно ня згасла». Вялікае інтэрвію Сяргея ЦіханоўскагаВялікае інтэрвію зь Ігарам і Інай Карнеямі пасьля двух гадоў турмы«У мяне свой прэзыдэнт, мая жонка прэзыдэнт». Невядомыя факты пра Сяргея Ціханоўскага расказвае яго адвакатка Натальля Мацкевіч