Неапазнаны дрон зноў заляцеў у Літву з тэрыторыі Беларусі

Расейскі БПЛА «Гербера». Архіўнае ілюстрацыйнае фота

28 ліпеня раніцай у Літву заляцеў неапазнаны дрон зь Беларусі. Яго заўважылі ў раёне Вільні.

Паліцыя разаслала жыхарам Вільні СМС-папярэджаньні, у якіх гаворыцца, што пры выяўленьні бесьпілётніка рэкамэндуецца трымацца ад яго далей і паведаміць на нумар тэрміновых службаў 112.

СМС-паведамленьне пра дрон з Беларусі

Delfi паведаміла, што ён быў заўважаны на вышыні 200 м, апошні раз яго бачылі побач з Вільняй.

Міністар абароны Літвы Давіле Шакалене заявіла, што «пакуль незразумела, які менавіта бесьпілётнік заляцеў у Літву, інфармацыя правяраецца».

«Паліцыя залучыла ўсе свае сілы, паінфармаваныя ўсе службы. Жыхароў просяць інфармаваць аб заўважаным аб’екце на нумары 112, ні ў якім разе не набліжацца да яго», — цытуе выданьне Delfi старшага дарадцу Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Даруса Бута.

Паводле Даруса Бута, які менавіта дрон заляцеў у Літву, высьвятляецца.

Кампанія па кіраваньні палётамі «Oro navigacija» запэўніла, што бесьпілётны лятальны апарат, які прыбыў у Літву зь Беларусі ў панядзелак раніцай, не парушыў палёты ў Літве, перадае Delfi.

«Палёты працягваюцца ў звычайным рэжыме», — паведаміла прадстаўнік кампаніі Інгрыда Даўгірдэ.

Падобны інцыдэнт адбыўся і 10 ліпеня. Тады Літва выказала Беларусі пратэст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве ўзмацняюць ахову неба пасьля інцыдэнту з залётам дрона зь Беларусі

Інцыдэнт 10 ліпеня

Пасьля падобнага інцыдэнту 10 ліпеня Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з залётам расейскага бесьпілётніка «Гербера» на тэрыторыю краіны.

У ноце выказваецца рашучы пратэст супраць незаконнага залёту расейскага бесьпілётніка зь Беларусі.

10 ліпеня ў Літву зь Беларусі заляцеў бесьпілётнік, падобны да самаробнага самалёта. Паводле памежнікаў, дрон ляцеў на вышыні 100 мэтраў з хуткасцю 50-60 км/г.

Тады паветраны апарат разьбіўся на тэрыторыі Літвы, прыкладна за кілямэтар ад дзяржаўнай мяжы.

Паводле кіраўніка МЗС Літвы Кястуціса Будрыса, за тое, што ў Літву залятаюць вайсковывя дроны, нясе адказнасьць Беларусь, якая гэта дапускае. Міністар назваў зьяўленьне «Герберы» ў Літве «сур’ёзным парушэньнем».

10 ліпеня пасьля парушэньня паветранай прасторы Літвы дронам «Гербера» зь Беларусі кіраўнікоў дзяржавы адвялі ў сховішча, аднак агульная трывога не абвяшчалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Літвы распавялі пра высновы пасьля прылёту зь Беларусі дрона
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы назваў хаатычнай рэакцыю службаў на прылёт у Літву дрона зь Беларусі