Сонца жоўтае, чырвонае ці аранжавае?
Не, насамрэч яно белае. Нашая зорка выпраменьвае сьвятло ўсяго бачнага воку спэктру, якое ў спалучэньні дае белы колер.
Выявы Сонца, зробленыя з космасу, пасьлядоўна адлюстроўваюць яго белае адценьне. Жоўты, чырвоны і аранжавы колер мы бачым, бо атмасфэра Зямлі расьсейвае колеры карацейшых даўжыняў хваляў. Гэтая ж зьява тлумачыць і сіні колер нашага неба.
Месяц мае цёмны бок (ці не?)
Уяўленьне пра тое, што Месяц мае «цёмны бок», пашырана ў кіно, музыцы (вітанкі, Pink Floyd), на побытавым узроўні.
Навуковая ж рэальнасьць такая, што пастаянна неасьветленай часткі Месяца не існуе. Непаразуменьне ўзьнікае праз блытаніну паняцьцяў «цёмны бок» і «адваротны бок». Усе бакі Месяца атрымліваюць аднолькавую колькасьць сонечнага сьвятла цягам дня, але ж сам спадарожнік заўжды павернуты да Зямлі адным бокам, а адваротнага яго боку з сваёй плянэты мы ніколі ня бачым. Але гэта ня значыць, што ён заўсёды цёмны.
Поры году зьмяняюцца не праз адлегласьць да Сонца
Вельмі распаўсюджана перакананьне, што зьмена адлегласьці ад Зямлі да Сонца выклікае зьмену пораў году — што лета цяплейшае, бо Зямля тады знаходзіцца бліжэй да Сонца. У некаторых падручніках можна нават сустрэць адпаведныя дыяграмы. Але гэта няправільна.
Сапраўднае тлумачэньне вынікае з нахілу восі Зямлі, празь які ў розны час году сонечныя промні падаюць на паверхню пад розным кутом і з рознай працягласьцю.
А бліжэй за ўсё да Сонца Зямля насамрэч бывае падчас зімы ў Паўночнай паўкулі (у студзені), а ў Паўднёвай у гэты час лета.
Ці сапраўды Вялікі выбух пачаўся зь «бясконца малога пункта»?
Шмат хто ўяўляе сабе Вялікі выбух як момант, калі ўся матэрыя Сусьвету была сканцэнтравана ў адным бясконца малым пункце, які раптам выбухнуў. Але навуковая мадэль Вялікага выбуху значна больш складаная і менш інтуіцыйная. Вялікі выбух — гэта ня выбух ва ўжо існай пустой прасторы. Гэта імклівае пашырэньне самой прасторы-часу.
«Наколькі мы можам меркаваць, не было ніякага асаблівага пункту. Усе доказы паказваюць на супярэчлівую, але ня менш праўдзівую выснову: Вялікі выбух адбыўся ўсюды адначасова», — адказваў на пытаньне пра Вялікі выбух фізык-тэарэтык Ітан Сігел (Ethan Siegel).
Без скафандру цела чалавека ў космасе ўскіпіць, выбухне ці амаль імгненна замерзьне?
Такія ўяўленьні ня раз падмацоўваліся адпаведнымі сцэнамі фантастычных фільмаў. У рэальнасьці нічога падобнага не адбудзецца. Вы б ня выбухнулі, але вас бы чакалі сур’ёзныя праблемы. 30–60 сэкундаў у адкрытым космасе ня выклічуць нейкіх незваротных пашкоджаньняў арганізму.
Але ўжо праз 9–15 сэкундаў чалавек страціць прытомнасьць, скура атрымае сонечныя апёкі, са сьлізістых пачне выпарацца вадкасьць, пачнецца працэс дэкампрэсіі, які выклікае ўтварэньне маленькіх бурбалак у вадкасьцях арганізму і павелічэньне яго ў памерах. Але ў выніку чалавек проста памрэ празь недахоп кіслароду.
У космасе пануе цішыня, гукаў там няма
Гук у космасе — памылка, якая часта падмацоўваецца эпічнымі сцэнамі касьмічных баёў у кіно. Але ж гук — мэханічная хваля, для распаўсюджваньня якой патрэбна асяродзьдзе (напрыклад, паветра ці вадкасьць). Хоць космас — не абсалютны вакуўм, але ж неймаверна нізкая шчыльнасьць атамаў у ім робіць перадачу гукавых хваляў немагчымай.
Адзначым, што ў пэўных больш шчыльных касьмічных асяродзьдзях, такіх як плязма вакол чорных дзірак, гукавыя хвалі існаваць могуць, але на частотах, значна ніжэйшых за дыяпазон чалавечага слыху.
Палярная зорка (Зорны Кол) — ня самая яркая зорка на небе.
Даволі распаўсюджанае ўяўленьне пра тое, што палярная зорка — самая зыркая на зорным небе. Але гэта далёка ня так, сярод найярчэйшых зорак яна займае толькі 48-е месца. Самая яркая зорка ў нашым небе (зразумела, пасьля Сонца) — Сырыюс.
У стане бязважкасьці няма гравітацыі?
На побытавым узроўні многія мяркуюць, што астранаўты на Міжнароднай касьмічнай станцыі лунаюць у бязважкасьці, бо знаходзяцца занадта далёка ад Зямлі і гравітацыя там ня дзейнічае.
Папраўдзе зямное прыцягненьне там амаль такое ж моцнае, як на Зямлі, а стан бязважкасьці зьвязаны з тым, што астранаўты разам з МКС пастаянна «пáдаюць» на Зямлю, аднак велізарная гарызантальная хуткасьць дазваляе ім «пралятаць» міма плянэты і заставацца на арбіце.
Форум